Skip Global Navigation to Main Content
Skip Breadcrumb Navigation
Двухбаковыя адносіны
 

Урад Злучаных Штатаў праводзіць у дачыненні да ўладаў Беларусі палітыку выбраных кантактаў. Яна была распачатая ў 1997 годзе з прычыны праведзенага беларускім урадам неканстытуцыйнага рэферэндуму.

Хроніка адносінаў

Злучаныя Штаты прызналі незалежнасць Беларусі 25 снежня 1991 года. Пасля таго, як дзве краіны ўсталявалі дыпламатычныя адносіны, у Мінску 31 студзеня 1992 года была афіцыйна адкрыта амбасада ЗША. Першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц (David H. Swartz) прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 25 жніўня 1992 года і завяршыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў у студзені 1994 года. Наступнымі амбасадарамі ЗША ў Беларусі былі Кенэт Ялавіц (Kenneth S. Yalowitz), Дэніел Спекхард (Daniel V. Speckhard), Майкл Козак (Michael G. Kozak) і Джордж Крол (George H. Krol). 21 ліпеня 2006 года Прэзідэнт Джордж Буш рэкамендаваў на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт. Яна прыбыла ў Мінск 18 верасня 2006 года і працавала да 2008 года, калі беларускі ўрад у аднабаковым парадку ўвёў абмежаванні на колькасць амерыканскіх дыпламатаў і вымусіў Злучаныя Штаты адазваць з Беларусі амбасадара. 

Дзве краіны абмяняліся афіцыйнымі візітамі на вышэйшым узроўні: Станіслаў Шушкевіч, тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, сустрэўся ў Вашынгтоне з Прэзідэнтам Клінтанам у ліпені 1993 года, а Прэзідэнт ЗША наведаў Беларусь 15 студзеня 1994 года.

Дакументы

Гісторыя двухбаковых адносінаў задакументаваная ў заявах Белага Дома і Дзярждэпартаменту, рэзалюцыях Кангрэса ЗША ды іншых паведамленнях і рашэннях Урада Злучаных Штатаў. На старонцы Прэс-рэлізы вы таксама знойдзеце заявы міжнародных арганізацый, такіх як Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), чыіх прынцыпаў павінны прытрымлівацца ўсе дзяржавы-удзельніцы, у тым ліку ЗША і Беларусь.

Амерыканская дапамога Беларусі

Нягледзячы на тое, што ў адносінах з афіцыйнымі ўладамі Беларусі доўгі час існавала пэўная напружанасць, Злучаныя Штаты захавалі сваю прыхільнасць дапамозе простым людзям, якія змагаюцца з наступствамі чарнобыльскай катастрофы і не маюць магчымасці карыстацца перавагамі рынкавай эканомікі і дэмакратычных каштоўнасцяў.

На старонцы “Амерыканская дапамога Беларусі” вы даведаецеся шмат чаго аб тым, што робіць урад ЗША, каб аблегчыць тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларускія людзі. Тут таксама гаворыцца аб вялізнай працы, якую робяць амерыканскія дабрачынныя і дабраахвотніцкія арганізацыі, такія як “Сіціхоўп” (Citihope International), аднак спіс тых арганізацый і прыватных асобаў, якія ахвяруюць шмат часу і намаганняў, каб дапамагчы беларускім дзецям, далёка не поўны.

Кантакты паміж грамадзянамі

Шматлікія праграмы грамадзянскіх, акадэмічных і прафесійных абменаў на працягу многіх гадоў дапамагаюць Ураду ЗША змяншаць разыходжанні паміж народамі і ўсталёўваць разуменне і павагу да культурнай разнастайнасці ў свеце.

Практычна кожная краіна свету ўнесла свой уклад у стварэнне так званага “плавільнага катла” нацыяў, як зараз называюць Злучаныя Штаты. Значны след пакінула тут таксама і Беларусь, даўшы Злучаным Штатам шмат навукоўцаў, фінансістаў, музыкантаў і мастакоў, што прыехалі сюды жыць і працаваць.